Практыкаванне1. Вызначце стыль кожнага тэкста (пісьмова). Растлумачце, знайдзіце спецыфічныя рысы кожнага стылю (вусна).

 

1. Братцы мілыя, дзеці Зямлі-маткі маёй! Вам ахвяруючы працу сваю, мушу пагаварыць трохі аб нашай долі-нядолі, аб нашай бацькавай спрадвечнай мове, каторую мы самі, ды і не адны мы, а ўсе людзі цёмныя “мужыцкай” завуць, а завецца яна “беларускай”. Я сам калісь думаў, што мова наша – “мужыцкая”. Але паздароў Божа добрых людцаў, якія навучылі мяне чытаць-пісаць. З той пары я шмат дзе быў, шмат чаго бачыў і чытаў. І пераканаўся, што мова наша ёсць такая ж людская і панская, як французская, альбо нямецкая, альбо іншая якая.

2. Ну, хвала Богу, бацькоў удалося атуманіць! Цяпер трэба пайсці ў галаву па розум, каб дзеўку амарочыць. Прынадны, бач, кусочак. Тварык – як сонейка яснае, шчочкі – як малінкі красныя, губкі – моў тыя каралі, а як засмяецца срэбным галасочкам ды вышчарыць зубкі – то, здаецца, бачыш два пэрловыя шнурочкі. Ды і пасаг мае гаспадарскі: адна ў бацькоў, а стары грошы асьмінаю мерыць; у гумне поўна, у хаце дастатак, і абора багата. Добра гутарка кажа: калі абора цячэ – гаспадыня бліны пячэ, а калі гумно цячэ – гаспадар з хаты ўцячэ.

3. Артыкул 26. 1) Кожны чалавек мае права на адукацыю. Адукацыя павінна быць бясплатнай па меншай меры ў тым, што датычыць пачатковай і агульнай адукацыі. Пачатковая адукацыя павінна быць абавязковай. Тэхнічная і прафесіянальная тэхнічная адукацыя павінна быць агульнадаступнай, і вышэйшая адукацыя павінна быць аднолькава даступнай для ўсіх на падставе здольнасці кожнага.

2) Адукацыя павінна быць накіравана да поўнага развіцця чалавечай асобы і да павелічэння павагі да правоў чалавека і асноўных свабод. Адукацыя павінна садзейнічаць узаемаразуменню, цярпімасці і дружбе паміж усімі народамі, расавымі і рэлігійнымі групамі і павінна садзейнічаць дзейнасці Арганізацыі Аб’яднаных Нацый па падтрыманню міру.

3) Бацькі маюць права прыярытэту ў выбары віду адукацыі для сваіх малалетніх дзяцей.

4. Я буду маліцца і сэрцам, і думамі,

Распетаю буду маліцца душой.

Каб чорныя долі з мяцеліцаў шумамі

Ўжо больш не шалелі над роднай зямлёй.

Я буду маліцца да яснага сонейка,

Няшчасных зімой саграваць сірацін,

Прыветна па збожных гуляючы гонейках,

Часцей заглядаці да цёмных хацін.

5. Лексікаграфія (ад грэч. Lexikos – слоўнікавы, grapho – пішу) – раздзел мовазнаўства, які распрацоўвае пытанні тэорыі і практыкі складання слоўнікаў. У задачы лексікаграфіі ўваходзяць: збіранне, сістэматызацыя і апісанне лексікі пэўнай мовы з мэтай складання слоўнікаў, вызначэнне іх тыпаў, слоўнікавых артыкулаў, распрацоўка сістэм памет, тлумачэнне семантыкі слова.

Слоўнікі бываюць розных тыпаў. Яны падзяляюцца на дзве групы – энцыклапедычныя і лінгвістычныя.

 

Практыкаванне 2. Прачытайце тэкст. Вызначце яго стыль. Знайдзіце рысы, характэрныя для публіцыстычнага стылю.

 

Няўжо можа страснаму рыбалову не спадабацца УАЗ? Але і прэтэнзій да яго безліч. Першая праверка ўзроўню масла перад дальняй дарогай выпала на цёмны час сутак. Адкрываю капот. А дзе ж шчуп? Знайсці ноччу цёмнае колца, за якое яго выцягваюць, няпроста. Няўжо цяжка было зрабіць колца з жоўтай пластмасы, як на большасці сучасных машын? Затое ў інструкцыю па эксплуатацыі ўкладзена паперка, дзе ўказаны канкрэтны сорт масла для кожнага агрэгата. Калі ўжо ўзнікла неабходнасць даліць, зразумела, што трэба купляць для рухавіка, каробкі перадач, мастоў і раздаткі. За гэта дзякуй. Але дзвюма бляшаначкамі не абыдзешся: трэба пяць варыянтаў змазкі, акрамя тармазной вадкасці. Апетыт у Патрыёта зайздросны.

Але ў Патрыёта ёсць і свае плюсы: кандыцыянер, выдатная агляднасць, камера задняга віду і трывалая падвеска. Едзеш пад соценку на пятай перадачы і адпачываеш. На абгонах крыху прыбаўляеш і скідваеш хуткасць, каб расход паліва не зашкальваў.

 

Практыкаванне 3. Перакладзіце тэкст. Вызначце яго стыль. Знайдзіце рысы, характэрныя для публіцыстычнага стылю.

 

Мне удалось поездить на Пилоте по горным серпантинам Армении. Скажу сразу: машина, одолевшая этот заповедник разбитого асфальта, не спасует и у нас. Даже проливной дождь не испугал. Большие лужи, перед которыми легковушки сбрасывают ход, Pilot берет играючи: двухтонную махину не тянет в сторону, даже когда в глубокую воду попадают колеса только одного борта.

Мотор очень живой, но его прыть сдерживается медлительной коробкой. Давишь педаль в пол – и долго ждешь реакции трансмиссии. А возможности самому переключать передачи нет. Заявленный расход в смешанном цикле – 10,4л/100 км. У меня после выезда из Еревана, движения по шоссе и горному серпантину получилось, если верить маршрутному компьютеру, 10,8 л.

Подвеска по-американски мягкая – длинноходная и комфортная. Слышны лишь приглушенные шлепки шин на швах и стыках асфальта. Амортизаторы производитель называет амплитудно-реактивными. Не пугайтесь: они лишь снижают раскачку кузова на больших неровностях и в поворотах.

 

Практыкаванне 4. Перапішыце тэкст, расстаўляючы знакі прыпынку.

 

Напомнім задачу. У 30-градусны мароз стары “жыгуль” не завёўся і яго паспрабавалі разварушыць цягаючы трактарам. Але на лёдзе вядучыя колы круціліся ў процілеглыя бакі а каленвал ні з месца. Не здзіўляйцеся тых каму разгадка даўно вядома не злічыць! Больш таго талковыя хлопцы напомнілі, што “не кожнаму ўладальніку сучаснай тэхнікі трэба браць на ўзбраенне падобны метад пуску!”. Праўда класічны ВАЗ нават танка не баіцца але і яго гаспадару ведаць інструкцыі не шкодзіць. Напрыклад нармальны пуск рухавіка звычайна гарантуецца пры тэмпературы не ніжэй -27…25оС ды і то толькі з правільным маслам у картэры! Летняя змазка застывае перашкаджаючы правярнуць стартарам каленвал.

 

Практыкаванне 5. Уявіце, што вам даручылі скласці для тэлевізійнага рэкламнага роліка сціслы тэкст, які прапагандуе прэзентацыю новага аўтамабіля. Складзіце і запішыце невялікае рэкламнае паведамленне (да 5 сказаў).

 

Практыкаванне 6. Вызначце, з якіх функцыянальных стыляў маўлення часцей ужываюцца наступныя словы, спалучэнні слоў. Абгрунтуйце свой адказ.

Манаграфія, хроніка, рэклама, лірычны верш, дысертацыя, тэлефонная размова, вайсковая прысяга, інтэрв’ю, нарыс, аб’ява, музычная нота, вучоныя запіскі, прамова на мітынгу, службовая характарыстыка, дыпламатычная нота, загад, рэпартаж, рэзюмэ, статут, рэформа.