Публічная прамова — вуснае выступленне, звернутае да слухачоў, якое мае на мэце растлумачыць, пераканаць, даказаць што-небудзь, уздзейнічаць на свядомасць і пачуцці аўдыторыі. Публічная прамова характарызуецца прадуманасцю, тэматычнай скіраванасцю, непасрэдным кантактам з аўдыторыяй, устаноўкай на слухачоў. У залежнасці ад мэты выступлення вылучаюць наступныя віды прамоў: інфармацыйная, пераканальная, пабуджальная (агітацыйная) і забаўляльная.

Інфармацыйная прамова (паведамленне, справаздача, даклад і інш.) мае на мэце праінфармаваць слухачоў па пэўнай тэме. Прамоўца павінен улічваць узрост, пазнавальныя інтарэсы аўдыторыі. Выкарыстоўваецца правераная, дакладная інфармацыя, падбіраюцца факты, аргументы.

Пераканальная прамова (урачыстая, віншавальная і інш.) скіравана на тое, каб пераканаць, прымусіць паверыць у праўдзівасць сцвярджэнняў, думак. У такой прамове неабходна ўлічваць эмацыянальны настрой слухачоў, іх адносіны да сітуацыі, тэмы выступлення.

Пабуджальная прамова скіравана на тое, каб пабудзіць, заклікаць слухачоў да пэўнага дзеяння, паўплываць на іх пачуцці. Прамова павінна даваць адказ на пытанні: што трэба зрабіць? Чаму гэта неабходна зрабіць?

Забаўляльная прамова мае забаўляльную, займальную скіраванасць.

Кампазіцыя прамовы мае тры элементы: уступ, асноўную частку і заключэнне. Ва ўступе акрэсліваюцца тэма і задачы прамовы, ставіцца мэта зацікавіць, выклікаць увагу слухачоў. Ва ўступнай частцы можна звярнуцца да актуальнасці тэмы, растлумачыць асноўныя паняцці, тэрміны, працытаваць аўтарытэтныя выказванні, паведаміць план прамовы.

У асноўнай частцы з дапамогай фактаў, аргументаў раскрываецца сутнасць тэмы. Лагічна ад асобных, канкрэтных з"яў пераходзіць да абагульненняў, выяўлення заканамернасцяў. У заключэнні падводзяцца вынікі выступлення. Можна перадаць асноўныя думкі ў форме тэзісаў, выказаць асабістыя адносіны да тэмы выступлення, назваць нявырашаныя праблемы.

 

Этапы падрыхтоўкі да публічнага

выступлення

Чалавек, які выступае з прамовай, заўсёды знаходзіцца ў цэнтры ўвагі і так ці інакш уздзейнічае на слухачоў. Поспех публічнага выступлення ў многім залежыць ад таго, наколькі добра прамоўца ведае прадмет гаворкі, наколькі дасканала прамова падрыхтавана і прадумана.

Што трэба ведаць, рыхтуючыся да публічнага выступлення?

1. Выбар тэмы прамовы.

Тэма можа быць акрэслена загадзя або яе выбірае сам прамоўца. У гэтым выпадку трэба ўлічваць свае веды па выбранай тэме, асабісты вопыт, уменне прадбачыць, наколькі тэма ўяўляе цікавасць для слухачоў.

2. Вызначэнне мэты прамовы.Прамоўца, як правіла, ставіць за мэту:

- праінфармаваць, растлумачыць;

- схіліць або заклікаць да пэўнага рашэння, дзеяння;

- падбадзёрыць слухачоў, развесяліць, натхніць.

3. Падбор, асэнсаванне і канспектаванне літаратуры.Асноўнымі крыніцамі для падрыхтоўкі прамовы з'яўляюцца:

- навуковая і навукова-папулярная літаратура;

- даведачная літаратура, энцыклапедычныя і лінгвістычныя слоўнікі, бібліяграфічныя даведнікі;

- мастацкая літаратура;

- артыкулы з газет і часопісаў;

- перадачы радыё і тэлебачання;

- уласныя назіранні.

4. Прадумванне кампазіцыі (пабудовы, суадносін паміж часткамі), складанне плана прамовы.

Пасля вывучэння і канспектавання літаратуры трэба прадумаць кампазіцыю прамовы: якімі словамі пачаць выступленне, як развіваць асноўныя тэзісы (палажэнні), якія вывады зрабіць у заключэнні. Неабходна вызначыць парадак падачы матэрыялу, узаемаразмяшчэнне яго элементаў (уступу, асноўнай часткі, заключэння) і скласці план прамовы.

5. Рэпетыцыя, прагаворванне прамовы.

 

Асноўныя віды публічных прамоў

 

Паведамленне — выступленне, якое рыхтуецца на матэрыяле адной або некалькіх крыніц. У аснове працы над паведамленнем ляжыць асэнсаванне асноўных ідэй прачытанага.

Лекцыя — від інфармацыйнай прамовы з адукацыйнай мэтай у школе, ВНУ, на семінары і г. д. Лекцыя патрабуе навуковага выкладу матэрыялу, логікі ў разважаннях, прадуманых прыкладаў, аргументаваных вывадаў.

Навукова-папулярная лекцыя мае на мэце зацікавіць слухачоў, падтрымаць іх увагу да тэмы, праблемы.

Д ы с к у с і я— гэта спрэчка, абмеркаванне праблемы, у якім прымае ўдзел некалькі чалавек, кожны з якіх адстойвае сваю думку, пазіцыю. Мэта правядзення дыскусіі — выяўленне розных пунктаў погляду на праблему, што дапамагае пошуку ісціны, а таксама выхаванне культуры моўных зносін у час спрэчкі.

Пры дыскутаванні важна не скажаць думкі апанентаў, з павагай ставіцца да чужых поглядаў. Пажадана выбраць вядучага, які б падводзіў вынікі, абагульняў блізкія, сходныя пазіцыі, удакладняў прадмет спрэчкі, выяўляў разыходжанні. Трэба памятаць: дыскусія — гэта найперш супрацоўніцтва, сумесная дзейнасць для спасціжэння ісціны.

Вядучы дыскусіі (пасяджэння) павінен сачыць за тым, каб яна не перарасла ў канфлікт. Дапамагаюць весці дыскусію веданне і ўжыванне этыкетных маўленчых формаў. Пачынацца дыскусія можа словамі:

Прыступім да работы...

Прашу вашай увагі...

Будзем пачынаць...

Дазвольце лічыць пасяджэнне адкрытым...

У ходзе абмеркавання вядучы можа выкарыстаць шэраг формаў:

Давайце абмяркуем...

Першае, што мы павінны абмеркаваць...

Дазвольце адрасаваць гэта пытанне...

Я думаю, што гэта пытанне можа быць зададзена пазней у

індывідуальным парадку...

Працягнем абмеркаванне пытання...

Этыка правядзення дыскусій патрабуе пазбягаць абвастрэння спрэчак, канфліктаў. Дапамагаюць змякчыць сітуацыю этыкетныя формы выражэння нязгоды:

Я магу згадзіцца, але толькі пры пэўных умовах...

Я згодны з многімі палажэннямі, але лічу неабходным...

Я б хацеў падтрымаць, але...

Любое выступленне заканчваецца падзякай. У любой дыскусіі неабходна выражаць павагу да субяседніка або апанента, нават калі яго выказванне на першы погляд здаецца недарэчным. Неабходна імкнуцца зразумець чужое меркаванне, цярпліва выслухаць яго. Дыскусія павінна весці да супрацоўніцтва, а не да канфрантацыі. На месцы сваѐй працы чалавек знаходзіцца значную частку свайго жыцця, таму важным фактарам для большасці з‘яўляецца маральны клімат у калектыве. Паступова супрацоўнік развівае свае дзелавыя якасці, прафесійнае маўленне, і больш плѐнна гэта адбываецца ў працаздольным і дружным калектыве.

Поспех пасяджэнняў, сходаў, канферэнцый і інш. залежыць ад тэкстаў дакладаў і выступленняў, якія павінны рыхтавацца загадзя: план, тэкст, тэзісы... Абавязкова падтрымліваць візуальны кантакт з аўдыторыяй. Пачынаць не абавязкова з уступу, хоць ѐн і пажаданы, а з самага важнага і актуальнага. Абавязковым з‘яўляецца вывад, падагульненне, дзе не толькі падводзіцца вынік, але і робяцца прапановы, напрыклад, па практычным прымяненни.

Важнейшыя патрабаванні да дзелавога выступлення — канкрэтнасць і канструктыўнасць. Неабходна пазбягаць расплыўчатых, агульных фраз, а таксама незразумелых тэрмінаў. Выступленне ўпрыгожвае правільная інтанацыя, змяненне тэмпу маўлення, што мяняецца ў працэсе маналога, вытрымліванне паўз паміж важнымі думкамі або пасля іх выкладу. Слухачоў могуць раздражняць няправільна вымаўленыя словы, памылкова пастаўленыя націскі, паўторы адных і тых жа слоў ці выразаў (магчыма паўтарэнне асноўных думак, але рознымі фразамі).

Жывыя зносіны, якімі з‘яўляюцца публічныя выступленні кіраўніка або падначаленых, грунтуюцца на вуснай мове. Калі неабходны кантакт з людзьмі, што не могуць быць суразмоўцамі, то выкарыстоўваюць пісьмовую мову: службовыя лісты, распараджэнні, факсы і г. д. Вусная мова заўсѐды нясе ў сабе жывы патэнцыял асобы, сілу яго ведаў, веры, упэўненасці. Менавіта жывой мове ўласцівыя тэмп, інтанацыя, мілагучнасць, акцэнты. Рысы прамоўцы, яго непаўторныя жэсты, міміка, позірк дапаўняюць мову, яна ўспрымаецца ў цэласным кантэксце. Вуснае маўленне больш простае па сваім слоўніку, па граматычных формах, мае сціслыя сінтаксічныя канструкцыі, нават дапускае паўторы. Пісьмовая, наадварот, насычана аб‘ѐмнымі сказамі, устойлівымі спалучэннямі, спецыфічнай лексікай, не дапускае памылак. Неабходна памятаць, што пісьмовая мова цяжка ўспрымаецца на слых, таму нуднымі з‘яўляюцца даклады, якія чытаюцца з ліста. Пісьмовая мова не ператворыцца ў вусную, калі яе гучна прамаўляць.

У выступленні перад публікай патрэбна жывая мова, таму што прамоўца можа сачыць за рэакцыяй слухачоў: удакладняць, скарачаць, дапаўняць... Мова пры гэтым становіцца даходлівай і эфектыўнай, прыносіць задавальненне і аратару, і слухачам.

Залатое правіла маўленчых зносін сцвярджае: чым цішэй гаворыш, тым лепш цябе зразумеюць. Ціхая, прыемная і спакойная мова афарбавана і тэмбрам голасу, і абаяльнасцю прамоўцы, але і тут можна праявіць і патрабавальнасць, і рашучасць, і выразнасць. Ціхая прамова настройвае на развагу, а гучная выклікае трывогу, неспакой. Прыкметай культуры і розуму з‘яўляецца мілагучная, выразная і багатая мова.

Тэмп нашай мовы своеасабліва спалучаецца са зместам, таму найбольш значныя часткі матэрыялу трэба выкладаць павольней, выдзяляць інтанацыйна. Лічыцца: чым большая колькасць слухачоў, тым павольней неабходна гаварыць. Выступаючаму патрэбны паўзы: па-першае, на іх звяртаецца ўвага, па-другое, паўза дазваляе аддзяліць сэнсавыя часткі тэксту, па-трэцяе, вытрымаць патрэбную паўзу — гэта майстэрства аратара.

Асноўным інструментам уздзеяння на аўдыторыю з‘яўляецца, несумненна, слова, але варта прымяняць і дапаможныя сродкі, напрыклад, жэсты. Яны ўзмацняюць эмацыянальны бок выступлення або гутаркі, але прымяняць іх патрэбна ўмела. Не суправаджайце жэстыкуляцыяй увесь тэкст выступлення, гутаркі, прамовы, таму што не кожная фраза патрабуе падкрэслівання жэстам. Колькасць і інтэнсіўнасць жэстаў павінны адпавядаць умовам і мэтам зносін. Прынята лічыць: калі выступаючаму няма чаго сказаць па сутнасці, то ѐн пачынае актыўна жэстыкуляваць. Жэстыкуляцыя адцягвае ўвагу субяседнікаў і слухачоў, таму варта памятаць, што пры ўключэнні жэстаў у моўную плынь збядняецца яе выразнасць, зніжаецца эфектыўнасць уздзеяння на прысутных.

Выкарыстоўваць мікрафон патрэбна толькі ў крайнім выпадку, паколькі ѐн скажае мову, ускладняе наладжванне кантакту з людзьмі. Чым меншая адлегласць паміж субяседнікамі, тым больш цѐплыя і даверлівыя адносіны складваюцца між імі. Вядома, што павелічэнне адлегласці да двух і болей метраў вядзе да з‘яўлення адчужанасці, дыстанцыйнасці ў адносінах.

Поспех, выніковасць, вартасць любой гутаркі ці выступлення, безумоўна, залежаць ад мноства фактараў, але ні жэсты, ні інтанацыя, ні знешні выгляд аратара не заменяць сілы слова. Толькі свабодна валодаючы моўнымі сродкамі, дастатковым лексічным запасам, можна авалодаць увагай слухачоў, данесці неабходнае, пераканаць, зацікавіць.